|
КАРОТКАЯ БІЯГРАФІЯ ЖАНА КАЛЬВІНА
Мы прыводзім асноўныя факты біяграфіі Жана Кальвіна толькі для таго, каб чытач атрымаў уяўленьне пра чалавека, заклаўшага падмуркі сыстэмы, атрымаўшай ягонае імя. Хоць, бясспрэчна, Жан Кальвін ня быў бы задаволены такім выкарыстаньнем ягонага імя, бо ад прыроды быў сьціплым чалавекам.
1509, 10 ліпеня. Нарадзіўся ў Наёне, Францыя, у сям’і зь сярэднім даходам. 1523. Накіроўваецца бацькам на вучобу ў Парыж. 1528–1529. Вывучэньне юрыспрудэнцыі ў Арлеане й Буржэ.
1532. Апублікавана першая праца: Камэнтары да Сэнэкі. Глыбокія веды Кальвіна ў гісторыі, філязофіі й лёгіцы зрабіліся яму добрай паслугай пазьней, калі ён пісаў свае знакамітыя камэнтары да Бібліі. 1533. Каталіцкая рэакцыя ў Францыі. Кальвін пакідае Парыж праз рэлігійны перасьлед. 1536, сакавік. Апублікавана першае выданьне “Настаўленьняў у хрысьціянскай веры” – кнігі, значэньне якой наўрад ці можна пераацаніць. Можна з упэўненасьцю сказаць, што ў ёй дадзена найбольш дакладнае й слушнае выкладаньне хрысьціянскага вучэньня. Адных толькі біблейскіх цытатаў прыведзена аўтарам кнігі некалькі тысячаў. Акрамя таго, у ёй разгледжаныя працы розных царкоўных аўтарытэтаў, шмат з якіх ня вытрымалі праверку Сьвятым Пісаньнем. 1536, жнівень. Пачатак дзейнасьці Кальвіна ў Жэнэве. Цікава зазначыць, што ён трапіў у Жэнэву праездам, маючы намер правесьці ў ёй толькі адну ноч. Але Кальвін застаецца, і з таго часу ягонае жыцьцё непарыўна зьвязанае з гэтым горадам. 1538–1541. Гады выгнаньня. Праца Кальвіна па рэфармацыі Царквы й грамадзтва Жэнэвы ў адпаведнасьці зь Сьвятым Пісаньнем сутыкнулася з супрацівам тых, хто жадаў ранейшага псэўдахрысьціянскага жыцьця. Кальвін пераязджае ў Страсбург, адкуль не перастае сачыць за разьвіцьцём падзеяў у Жэнэве. У Страсбургу ён піша знакаміты адказ кардыналу Садалету, які спрабаваў у адсутнасьць Кальвіна схіліць жэнэўцаў да вяртаньня ў каталіцтва. 1540. Шлюб з Ідэлетай дэ Бурэ, удавой з двума дзецьмі. Шлюб быў нядоўгім, бо Ідэлета, маючы даволі слабое здароўе, памерла праз дзевяць годоў. Жан Кальвін выхоўвае яе дзяцей. 1541. Трыумфальнае вяртаньне ў Жэнэву паводле шматлікіх пэтыцыяў магістра й саміх жыхароў. Працяг перарванай працы па рэарганізацыі Царквы й устанаўленьні хрысьціянскага грамадзтва. Нападкі партыі лібэртынцаў, якія не жадалі рэформаў, што праводзілі прыхільнікі Кальвіна. 1559. Атрыманьне жэнэўскага грамадзянства. Да гэтага моманту Кальвін знаходзіўся ў становішчы эмігранта, ня маючы ніякіх грамадзянскіх правоў. Мы зазначаем гэты факт з тым, каб абвергнуць даволі распаўсюджаную думку пра надзвычай вялікі ўплыў Кальвіна ў Жэнэве. 1564, 27 траўня. Дзень сьмерці Жана Кальвіна. Няспынная праца надарвала й без таго хісткае здароўе гэтага вялікага чалавека. З асабістай просьбы ён быў пахаваны без надмагільнага помніка й якога-небудзь указальніка. Цяперака месцазнаходжаньне ягонай магілы невядомае.
Яго асоба і дзейнасьць аказала велізарны ўплыў на ўсю еўрапейскую, і нават сусьветную цывілізацыю. Сёньня многія мільёны людзей ва ўсіх краінах сьвету, якія сур’ёзна ставяцца да хрысьціянскай веры і клапоцяцца пра сваю душу прыслухоўваюцца да яго голасу – голасу вялікага Хрысьціянскага Прапаведніка, апостала эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі. 10 ліпеня 2009 года мы разам з хрысьціянамі ўсяго сьвету адзначаем 500-годдзе Жана Кальвіна!
|